Брэсцкі абласны выканаўчы камітэт | Леніна, 11

Адрас сучасны: вул. Леніна, 11

Адрас гістарычны: вул. Уніі Любельскaй, 11 | вугал pl. Romualda Traugutta, 1 і ul. Gabriela Narutowicza, 2 | праспект 17-га верасня, 11 | Дойчштрассэ, 11 | вул.17-га верасня, 11

Год пабудовы: 1938 г.

Дабудова: 1962 г., архітэктар З. Леўчанка

Дабудова: 1989 г., 1994 г.

Архітэктар: Станіслаў Папеўскі

Гісторыя дома, цікавосткі

У жніўні 1915 г. Брэст-Літоўск і крэпасць былі спалены адыходзячымі расейскімі вайскамі. 9 лютага 1919 года горад быў заняты польскімі вайскамі.

З 1 сакавіка 1921 Брэст-Літоўск (12 лістапада 1923 года пастановай Міністэрства Ўнутраных Спраў Рэчы Паспалітай горад атрымаў новую назву — Брэст-над-Бугам) стаў сталіцай Палескага ваяводства. Ваяводскае ўпраўленне размясцілася на вуглу вуліц Ягелонскай (пр.Машэрава) і Зыгмунтоўскай (К.Маркса) у будынку былой паштовай станцыі.

Будынак Ваяводскага ўпраўлення ў 1921-1937 гг. (суч. Машэрава, 30).

У 20-х гадах XX стагоддзя стаў ўзводзіцца жылы пасёлак для польскіх чыноўнікаў, якому ў 1923 г. было дано імя першага Прэзідэнта Польші Габрыэля Нарутовіча. Будаўніцтва пасёлка адбывалась у межах сучасных вуліц Леніна (Уніі Любельскай), Леванеўскага (Згода), Міцкевіча, Вароўскага (Звежынскага) і iнш. Працу узначаліў варшаўскі архітэктар Юльян Лісецкі. Ён прапанаваў арыгінальнае архітэктурна–планіровачнае рашэнне ўсяго новага раёна, размешчанага да паўднёва–захаду ад сучаснай вуліцы Леніна, на тэрыторыіі эспланады крэпасці Брэст-Літоўск, якая страціла сваё абарончае прызначэнне.

У аснову горадабудаўнічага рашэння была пакладзена канцэпцыя горада–сада.На цяперашнюю вуліцу Леніна павінны былі выходзіць асноўныя адміністрацыйныя будынкі: будынак ваяводства, банк, казначэйства, дзяржаўная інспекція, бюро пректаў меліярацыі Палесся, а за імі — жылы пасёлак, які меркавалася падзяліць на чатыры часткі: чыноўніцкую калонію, дзе размяшчаліся дамы для найбольш важных чыноўнікаў, калонію Тартак, “Схраніска” і афіцэрскую.

Будынак Палесскага ваеводскага ўпраўлення быў апошнім у забудове плошчы Рамуальда Траўгутта (частка сёняшняй плошчы Леніна між будынкам Ленінскага райвыканкама і аблвыканкама). Пабудаваны ў 1938 годзе па праекту, карэкціраванаму у 1937 годзеінж.-архітэктарам Адольфам Інатовіч-Любяньскім (Варшава). Аўтар першапачатковага праекту невядомы. Будаўніцтва вяла варшаўская будаўнічая фірма “ВraciaSuchowolscy”. Згодна каштарыса кошт будынка склаў амаль 430 000 злотых.

1 верасня 1939 г. фашысцкая Германія напала на Польшчу. 14 верасня генерал Гейнц Гудэрыян заняў Брэст. 22 верасня 29-я танкавая брыгада Сямёна Майсеявіча Крывашэіна ўступіла ў горад. 23 верасня 1939 г. перад будынкам Палесскага ваеводскага ўпраўленняадбыўся сумесны парад савецкіх і фашысцкіх войскаў. Гэта быў дэпламатычны жэст, які афіцыйна замацоўваў права знаходжання Чырвонай арміі ў Брэсце.

4 снежня 1939 г. Брэст стаў адным з абласных цэнтраў БССР. Брэсцкі аблвыканкам размясціўся ў будынку ПВУ. Падчас ДругойСусветнай вайны акупацыя Брэста немцамі доўжылася больш за тры гады: з 22 чэрвеня 1941 да 28 ліпеня 1944. Адразу ж было ўзведзена нямецкае кіраванне, у будынку ПВУ размесціўся нямецкі шпіталь. 1 верасня 1941 г. Брэст-Літоўск стаў цэнтрам аднайменнай акругі і разам з тым уяўляў сабой самастойную адміністрацыйную адзінку. У будынку ПВУ размясціўся крэйсгебітскамісарыят “Брэст-Літоўск”. Пасля вызвалення Брэста, з 28 ліпеня 1944 годзе і па сённяшні дзень, будынак былога ПВУ займаюць структуры аблвыканкама.

Архітэктурнае апісанне

Гэта самы малады будынак у забудове па вул. Леніна. У ім мы бачым падыход да архітэктуры і праектавання характэрны для канца 30-х гадоў XX стагоддзя. Будынак створаны пад уплывам функцыяналізму. Таксама тут можна заўважыць рысы спрошчанага класіцызму — гэта сіметрыя і цэнтральны рызаліт са слупамі і бакавымі часткамі.

Першапачаткова будынак уяўляў сабою чатырохпавярховы, прамавугольны ў плане аб’ём з выступаючымі на галоўным і дваровым фасадах цэнтральнымі рызалітамі.  У 1962 г. прыбудавана чатырохпавярховае крыло у стылі канструктывізму, якое надало плану Г-падобную форму. Галоўны ўваход у будынак вылучаны функцыяналісцкімі неапрапілеямі на ўсю вышыню будынка. Першы паверх аддзелены ад верхніх шырокім гарызантальным пасам. Рыфлёная тынкоўка сцен прарэзана рустам. Планіроўка калідорная з двухбаковым размяшчэннем памяшканняў. Прастора вестыбюля чляніцца 2 радамі круглых абліцаваных штучным чорным мармурам калон. Шырокая трохмаршавая лесвіца ў вестыбюлі вядзе на другі паверх, дзе размешчана зала пасяджэнняў. Столь залы пасяджэнняў расчлянёна глыбокімі кесонамі.

У 1989 і 1994 гадах да будынка, з боку двара і поўначы, прыбудаваны Г-падобны аб’ём і канферэнцзала ў стылістыцы савецкага канструктывізму канца ХХ ст., такім чынам замкнуў унутраны дворык са ўсіх бакоў, ствараючы нешта накшталт атрыума.

Што тычыцца захаванасці, той будынак дзякуючы свайму статусу практычна не зведаў зменаў. Нават дабудоўкі, якія з’явілася пасля вайны, не канфліктуюць з галоўным корпусам. За гады існавання будынка згублена арыгінальнае пакрыццё фасадаў: высакародная тынкоўка, якую звычайна выкарыстоўвалі для важных і буйных будынкаў. У склад такой тынкоўкіуваходзіў пэўны пігмент, пры трапленні сонечных прамянёў яна блішчала.

У адроджанай Польшчы было сфарміравана 16 ваяводстваў, і толькі ў трох сталіцах гэтых ваяводстваў — у Брэсце, Навагрудку і Торуні — былі пабудаваныя будынкі ваяводскага кіравання. У астатніх жа выпадках чыноўнікі размясціліся ва ўжо існуючых гістарычных будынках.

Крыніца: Уласюк Мікалай Мікалаевіч ст.

Get Directions

Help us improve the translation for your language

You can change any text by clicking on (press Enter after changing)