Пушкінская, 22

Адрас сучасны: вул. Пушкінская, 22

Адрас гістарычны: ul. 3-go Maja, 24; ul. 3-go Maja, 24/1; | вул. Пушкінская, 24/1 | Strasse der 45 Division, 24/1 | вул. Пушкінская, 24

Год пабудовы: 1931 г. Рэканструкцыя: 1960-я гг.

Архітэктар: Мікалай Іаанавіч Катовіч (галоўны архітэктар г. Брэста ў 1928-1932 гг.)

Гісторыя дома, цікавосткі

Да Першай сусветнай вайны на гэтым месцы знаходзіўся мураваны будынак, гаспадары і прызначэнне якога на сённяшні дзень не высветлены. У 1915 годзе будынак спалены пры адступленні расійскімі войскамі. У 1920-х парцэла з руінаваным будынкам па адрасе вул. Трэцяга Мая, 24 належыла мужу з жонкай Кубліцкім Ізраэлю і Хане. У 1926-27 гг. у дакументах Магістрата Брэста-над-Бугам у гэтым будынку значыцца крама спіртных напояў Скорбніка Абрама. Кубліцкія ў 1931 годзе будуюць на гэтым месцы трохпавярховы жылы дом па праекце вядомага пецярбугскага, а потым галоўнага архітэктара г. Брэста (ў 1928-1932 гг.) Мікалая Іаанавіча Катовіча, брэсцкі перыяд творчасці якога ахоплівае перыяд 1928-1934 гг. Будынак муніцыпалізаваны 2 студзеня 1940 года. 29 жніўня 1950 года дом перайшоў гаркамгасу. З 1 ліпеня 1967 года будынак перайшоў на баланс СУ-2 трэста “Рэмбудмантаж” пад жыллё і кантору ўпраўлення. Доўгі час будынак выкарыстоўваўся ў якасці інтэрната інстытута “Брэстсельбудпраект”. Арганізацыя неаднаразова перайменоўвалася: ДППБУП “Аб’яднанне Брэстаблсельбуд”, РУП “ЖКГ” аб’яднання “Брэстсельбуд”, ДУП “ЖКГ Брэстаблсельбуд”, з 4 верасня 2006 – ДУСБП “Брэсцкая СПМК-14”. На першым паверсе размешчана крама “Міла”. Частка кватэр прыватызавана.

Архітэктурнае апісанне

Будынак пабудаваны ў стылі функцыяналізму.

Будынак уяўляе сабой прамавугольны ў плане трохпавярховы аб’ем з трапецыяпадобным рызалітам лесвічнай клеткі на дваровым фасадзе. Галоўны фасад рытмічна прарэзаны прамавугольнымі ваконнымі праёмамі. Першы і другі паверхі пачленены плоскімі руставанымі лапаткамі з капітэлямі ў стылі мадэрну. Захаваліся аўтэнтычныя балконы з каванымі агароджамі выкананымі ў стылі канструктывізму. Лапаткі падтрымліваюць магутны фрыз з верагодна надбудаваным пазней атыкавым паверхам.

Крыніца: Уласюк Мікалай Мікалаевіч ст.

Get Directions

Help us improve the translation for your language

You can change any text by clicking on (press Enter after changing)