Савецкая, 11

Назва дома: Савецкая, 11

Адрас сучасны: вул. Савецкая, 11

Адрас гістарычны: ul. Dąbrowskiego, 9-а (на 1929 г.) | Dąbrowskiego, 7 (1933 г.) | Generalstrasse, 7 | вул. Савецкая, 7

Год пабудовы: 1929г. | Перапланіроўка пад кантору: 1948 г. Рэстаўрацыя: 1970 г.

Архітэктар: Мікалай Сінкевіч

Гісторыя дома, цікавосткі

Пасля першай сусветнай вайны участак належаў Яну Шлыкаву уладальніку будаўнічага прадпрыемства “Szłyków Jan i Ska”, якое знаходзілася па вул. Сенкевіча, 42. У 1929 годзе Шлыкаў будуе на сваім участку двухпавярховы дом у стылі канструктывізму. Імя архітэктара дакументальна не высветлена, па ўкосным звесткам гэта быў Мікалай Сінкевіч. 7 верасня 1933 года Шлыкаў ад імя таварыства з абмежаванай адказнасцю “Przedsiębiórstwo Robót Budowlanych” прадае будынак Вацлаву Кулешы за пяць тысяч злотых. Выкарыстанне будынка ў міжваенны час не высветлена. Будынак муніцыпалізаваны 2 студзеня 1940 года. У час акупацыі будынак вярнулі былому гаспадару. У 1944 годзе будынак зноў муніцыпалізавалі, Кулеша В.А паспеў з’ехаць ў Польшчу. У 1963 годзе былы гаспадар цікавіўся ў абласным архіве Брэста пра лёс сваёй маёмасці. Адразу пасля вайны будынак выкарыстоўваўся пад службовае жыллё. У 1948 годзе ў будынку размесціўся лінейны аддзел міліцыі ст. Брэст, пазней у будынак памесцілі і пракуратуру горада. У 1952 годзе будынак аддадзены на баланс гаркамгаса, у 1967 годзе перададзены на баланс Брэсцкай дыстанцыі грамадзянскіх збудаванняў. З 02.12.1997 года будынак належыць Брэсцкаму аддзяленню Беларускай чыгункі. Сёння тут змяшчаецца Брэсцкі аддзел унутраных спраў на транспарце Упраўлення унутраных спраў на транспарце МУС Рэспублікі Беларусь.

Архітэктурнае апісанне

Па праекце будынак уяўляў сабою двухпаверхавы, прамавугольны ў плане каменны аб’ём, накрыты нізкім двухсхільным дахам, які схаваны за ступеньчатымі шчытамі бакавых фасадаў. Галоўны фасад раней быў сіметрычна пачленены па вертыкалі несапраўдным рызалітам лесвічнай клеткі. У 1970 годзе да будынка, самавольна, з паўднёвага боку дабудаваны дадатковы двухпаверхавы аб’ём, які парушыў першапачатковую сіметрыю. Галоўны фасад рытмічна падзелены шырокімі аконнымі праёмамі не першым і другім паверхах і маленькімі парамавугольнымі акенцамі на тэхнічным паверсе. Галоўны ўваход вылучаны рызалітам з вітражным акном усходаў. Будынак — помнік “польскай” архітэктуры другой паловы 1920-х – 1930-х гадоў стылю функцыяналізму.

Крыніца: Уласюк Мікалай Мікалаевіч ст.

Get Directions

Help us improve the translation for your language

You can change any text by clicking on (press Enter after changing)